Вершы сабраныя з розных сайтаў і адсканаваныя з розных зборнікаў, але ўсіх іх яднае адзіная вялікая любоў да Бога, да зямной і Нябёснай Бацькаўшчыны, і іхняга Цара - Хрыста.
Біблія гавора, што ўся Боская поўнасьць – у Хрысьце (Кал 1:9,19). Таму, калі ў хрысьціянскіх вершах сустрэнуцца ўсхваленьні іншых асобаў і рэчаў, акрамя Хрыста, гэта аўтаматычна прыніжае ролю Хрыста і не адпавядае назве рэлігіі. Бо хрысьціяне - тыя, хто пакланяецца Хрысту, Ягонаму Айцу і Сьвятому Духу. Але ж моцна не судзіце паэтаў, бо яны гэта ўзялі з усё яшчэ існуючых у сучасным хрысьціянстве некаторых паганскіх адступленьняў. Ад іх Царква пачала пазбаўляцца ў часы Рэфармацыі, але на жаль поўнасьцю не пазбавілася.
Нажаль у вершах сустракаюцца палянізмы і русізмы, бо ўвесь час суседзі навязвалі нам свае мовы. Беларуская паэзія сапсаваная яшчэ і наркамаўскай грамытыкай. І гэта ў той час, калі існуе вялізарная колькасьць каларытных нацыянальных словаў (шмат якіх можна ўзяць у слоўніку В.Ластоўскага) і свая адметная беларуская граматыка, удасканаленая Б. Тарашкевічам.
Спадзяюся, што знойдзяцца людзі, якія будуць карыстацца гэтымі малітвамі, псальмамі і духоўнымі разважаньнямі паэтаў у сваіх дамох і цэрквах, каб Бог пачуў іх і зьлітаваўся над нашым грэшным шматпакутным народам. А можа нехта празь іх пакаіцца ў грахох і прыйме Хрыста сваім Госпадам?!
Прароцкая паэзія адрозьніваецца ад хрысьціянскай тым, што ў ёй ідзе гаворка не толькі аб вызваленьні душы чалавека, але і аб вызваленьні ад грахоўнага жыцьця ўсяго грамадзтва. Прарокі заклікаюць да пакаяньня, каб усе людзі жылі праведным жыцьцём, служылі Богу і народу, будавалі сваё жыцьцё і ўсе сфэры грамадзтва па Божае волі і Ягонае мадэлі, зь верай ў Бога, у праўдзе, у міры, у любові да свайго і іншых народаў, не пакланяліся кумірам і ідалам, манархіям і імпэрыям, каб карысталіся нацыянальнымі мовамі, змагаліся за праўду, за рэлігійныя, нацыянальныя і грамадзянскія правы і свабоды.
Шмат прароцкіх і хрысьціянскіх вершаў, можна знайсьці на гэтым сайце ў разьдзеле сьпеваў у тэме “Музыка”.
Вершы можна адшукаць з дапамогай абразку “Пошук” або па пачатковых літарах прозвішчаў іх аўтараў: